ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т.л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)